Свята класічнай музыкі "TyzenHouse"

Свята класічнай музыкі

 З 12 па 15 верасня ў Гродна адбудзецца Свята класічнай музыкі "TyzenHouse". Назва Свята праз сваеасаблівую гульню слоў звязана з прозвішчам Антонія Тызенгаўза, вядомага гарадзенскага старасты, мецэната, які ў другой палове XVIII стагоддзя заснаваў і пабудаваў у Гродна не толькі шэраг мануфактур, медыцынскую школу, батанічны сад, але і тэатр і тэатральную школу, музычную капэлу, якія былі шырока вядомыя ва ўсёй Еўропе.

На пряцягу некалькіх дзён зала Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра стане сапраўдным цэнтрам музычнага жыцця не толькі Гродзеншчыны, але і ўсёй Беларусі, бо не так часта нас наведваюць "зоркі" класічнай музыкі. Сваё майстэрства гродзенскім “меламанам” падораць як сусветна знакамітыя “маэстра”, так і маладыя таленавітыя выканаўцы, якія ўжо паспелі заваяваць шырокае прызнанне.

12 верасня з сольным канцэртам выступіць Барыс Петрушанскі (фартэпіяна), выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, які пачынаў вучыцца яшчэ ў славутага Г.Г.Нейгауза, а пасля ягонай смерці працягваў навучанне ў Л.М.Навумава. Лаўрэат міжнародных конкурсаў у Лідсе (Вялікабрытанія), Мюнхене (Германія), Казаграндэ (Італія), прафесар Б.Петрушанскі ў цяперашні час жыве ў Італіі і выкладае ў Фартэпіяннай акадэміі «Incontri col Maestro» г.Імала і “Ассаdemia Ducale” ў г.Генуя.
13 верасня сваё майстэрства прадэманструюць маладыя музыканты Міхаіл Сіманян (скрыпка) і Кірыл Кедук (фартэпіяна). М.Сіманяна некаторыя СМІ параўноўваюць з вялікім Д.Ойстрахам. Пачаўшы заняткі ў вядомым “скрыпічнам” горадзе Расіі Навасібірску ў 13-гадовым узросце ён ужо сыграў сольны канцэрт у “Лінкольн-цэнтры” (ЗША), потым выступаў у “Карнегі-холе”, іншых знакамітых залах, у знак прызнання таленту быў запрошаны на прыём Прэзідэнтам РФ У.У.Пуціным. К.Кедук нарадзіўся і зрабіў першыя крокі ў музыцы ў Гродна, працягваў навучанне ў Мінску, затым у Польшчы, Італіі, Вялікабрытаніі. Ён – лаурэат многіх міжнародных конкурсаў - імя У.Горавіца ў Кіеве, «Kissinger KlavierOlymp» у Бад Кісінгене (Германія), «James Mottram International Piano Competition» у Манчэсцеры (Вялікабрытанія) і інш. Дарэчы, ідэя і ініцыятыва правядзення Свята належыць менавіта К.Кедуку, які імкнуўся зрабіць сваеасаблівы “падарунак”для роднага горада і вельмі спадзяецца, што імпрэза прыжывецца і стане традыцыйнай.
14 верасня перад гродзенскімі слухачамі прадстане “легенда” польскай піяністычнай школы, адзін з лепшых інтэрпрэтатараў твораў Шапэна, лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў, у тым ліку імя Ф.Шапэна ў Варшаве, прафесар Варшаўскага музычнага універсітэта імя Ф.Шапэна Пётр Палечны.
Завершыцца Свята 15 верасня канцэртам Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь. За дырыжорскім пультам будзе Якуб Храновіч, выпускнік Познаньскай акадэміі музыкі, які стажыраваўся ў Германіі, Італіі, працаваў з лепшымі аркестрам Польшчы, быў музычным кіраўніком Нацыянальнага польскага балета, у цяперашні час з’яўляецца галоўным дырыжорам Падляскай оперы і філармоніі ў Беластоку. Саліраваць у канцэрце будуць К.Кедук і фіналіст “Еўрабачання-2010”, лаўрэат міжнародных конкурсаў, у тым ліку ХIV Міжнароднага конкурсу імя П.І.Чайкоўскага, выпускнік Рэспубліканскай гімназіі – каледжа пры БДАМ па класу заслужанага артыста Беларусі У.П.Перліна, цяпер студэнт Парыжскай вышэйшай нацыянальнай кансерваторыі Іван Карызна (віяланчэль).
На перыяд правядзення “Свята класічнай музыкі "TyzenHouse" у драматычны тэатр з канцэртнай залы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа будзе спецыяльна перавезены раяль фірмы “Yamaha”, які на сённяшні дзень з’яўляецца лепшым у горадзе.

Отзывы
Здесь ещё нет комментариев. Стань первым!
Дата проведения:
12.09.2013 - 15.09.2013   (19:00)
Гродненский областной драматический театр
г. Гродно, ул. Мостовая, 35

+375 15 274 56 71
Система Orphus