Вобраз, адліты з металу

Вобраз, адліты з металу
Детям
 
11 ліпеня 2014 г. у Вялікай выставачнай зале Музея гісторыі рэлігіі адкрываецца выстаўка "Вобраз, адліты з металу (руская дробная пластыка XVIII - пач. ХХ ст.)".

Выстаўка прысвечана яшчэ пакуль маладаследаванай з'яве ў гісторыі рускага выяўленчага мастацтва. На ёй прадстаўлены каля 100 твораў з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.

Помнікі дробнай пластыкі з медзі - абразы, крыжы, створы - вядомы на землях усходніх славян з ХІ ст. Па матэрыяле і тэхніцы выканання яны аб'яднаны тэрмінам “меднае ліццё”. Для гэтых вырабаў характэрны ліцавыя рэльефныя выявы ў мініяцюрных памерах, што дазваляе аднесці іх да асобнай разнавіднасці скульптуры - дробнай пластыкі.
Прыгажосць і таннасць, падатлівасць у апрацоўцы, тыражаваны спосаб вырабу спрыялі масаваму распаўсюджванню і бытаванню медных культавых вырабаў пераважна ў нізавых слаях насельніцтва. Меднае ліццё заўсёды імкнулася да народнай культуры. Гэта шмат у чым вызначыла яго лёс у гісторыі мастацтва і рамяства, наклала адбітак на выгляд помнікаў. У народзе лічылі, што меднае ліццё прайшло агнявое хрышчэнне. Творы дробнай пластыкі ўспрымаліся як своеасаблівыя абярэгі, якія ахоўвалі ўладальніка ад розных небяспек і хвароб. Устойлівыя да механічных пашкоджанняў, яны былі практычнымі ў побыце, раз'ездах і вандроўках. У час падарожжаў медныя прадметы культу замянялі паходную царкву. Разгорнутыя складні і створы выкарыстоўвалі як іканастасы.

Выстаўка арыентавана на паказ вырабаў, якія паходзяць з трох расійскіх рэгіёнаў: рускага Памор'я, Цэнтральнай Расіі, Масквы. Іх характарызуе шматпланавасць і апавядальнасць сцэн, падрабязная прапрацоўка дэталяў, імкненне да ўскладнення агульнай кампазіцыі і формы, псіхалагізм і дынаміка персанажаў. Вырабы адрозніваюцца дэкаратыўнасцю, якая адчуваецца ў арнаментыцы, аздабленні эмалямі, дэталізацыі архітэктурных форм, ландшафту, адзення і лікаў.
Развітая на рускіх землях традыцыя пакланення крыжу спрыяла ператварэнню яго ў насценны маленны абраз. Крыж, па прыкладзе жывапісных абразоў, часта змяшчалі ў ківот пад шкло. Паморскія майстры стварылі асаблівы ківотны крыж “Распяцце з прадстаячымі”, спецыяльна прызначаны для хатняй малельні. Ад напрастольнага крыжа ён адрозніваўся наяўнасцю дзвюх бакавых пласцінак з выявамі фігур прадстаячых - Маці Божай, Св. Марыі Магдаліны, Св. Іаана Багаслова і Св. воіна Лангіна. Часта медныя крыжы і абразы ўразаліся ў падрыхтаваную для жывапісу дошку з выявамі святых і евангельскіх сцэн. Па сваёй ідэйнай праграме гэта былі камбініраваныя комплексы, дзе фігуратыўны жывапіс складаў неабходную зместавую і мастацкую частку агульнай кампазіцыі.

Вядучая тэма культавай медналітой пластыкі - маленне. Таму невыпадкова ў ёй знайшлі шырокае распаўсюджанне дэісусныя (дэісус з грэч. “маленне”) абразы і складні з адлюстраваннем Хрыста Уседзяржыцеля, Маці Божай і Св. Іаана Прадцечы. Вялікія дэісусныя складні нагадвалі абраз ва ўсёй пышнасці яго аздаблення ў абкладзе, упрыгожаным жэмчугам, каштоўнымі камянямі. Яны мелі шырокі арнаментальны фрыз, які нагадваў басменную абкладку палёў жывапіснага абраза. Німбы аздабляліся кружкамі, якія імітавалі ўстаўкі з каштоўных камянёў.
Самы знакаміты твор паморскай меднай пластыкі - чатырохстворкавы складзень “Двунадзясятыя святы”, кожная створка якога завершана вытанчаным какошнікам. Мадэль складня распрацавана на рубяжы ХVІІ - ХVІІІ стагоддзяў маскоўскімі майстрамі, якія мелі сувязі з царскай Зброевай палатай і Друкарскім дваром.
На беларускія землі позняе рускае ліццё трапіла ў другой палове ХVІІ ст. разам з рускімі перасяленцамі-стараверамі, якія шукалі тут сховішча ад пераследу на радзіме. Стараверы заснавалі абшчыны, у якіх захоўвалі каштоўныя рукапісныя кнігі і выданні першых рускіх і беларускіх друкароў XVI - XVII стст., практыкавалі старажытнацаркоўныя напевы, выкарыстоўвалі жывапісныя абразы і культавыя вырабы з медзі, выкананыя па канонах дарэформенных часоў патрыярха Нікана (1652 - 1666).

Багатая культура старавераў узбагаціла агульнабеларускую культурную спадчыну, стала важным элементам духоўнай і мастацкай рэчаіснасці Беларусі. 
Отзывы
Здесь ещё нет комментариев. Стань первым!
Дата проведения:
28.08.2014 - 31.10.2014   (10:00 - 18:00)
Гродненский государственный музей истории религии
г. Гродно, ул. Замковая, 16.

+375 15 274 48 89
Система Orphus